10.03.2022

Польская литература онлайн №10 / Магія ў дзеяньні. Песьня «Муры» як эстафэта свабоды

Быў канец 80-х, нам зь сябрамі было гадоў па 15. Зьлёгку парушаючы рэжым спартовых збораў, мы пайшлі на вечаровы фільм у ваенным гарадку на ўскраіне Менску. Кіно было так сабе, але ў адной з роляў граў культавы рок-сьпявак. Зрэшты, мы ўжо хвілін пятнаццаць не сачылі за фільмам, бо вакол нас пачалі круціцца дзіўныя постаці — маладзёны ў форме без пагонаў і лётных шлемах. Дзеці мясцовых ваенных, што самі дагульвалі апошнія месяцы перад войскам, распазналі ў нас чужынцаў і рыхтаваліся да бойкі. Але тут з экрана, разам з тытрамі, пайшла песьня. Такая, што я на тры хвіліны забыў пра свой мандраж. У кіназалі быў дзікі холад, а мне зрабілася цёпла і амаль ня страшна. Толькі трохі дзівіла рэакцыя сяброў і тых лётчыкаў у шлемах. Яны зьбіраліся біцца. Магія песьні на іх ня дзейнічала. А я наіўна думаў, як гэта? Хіба можна біць морды пасьля такога?

Выявілася, што можна. Іх было разы ў чатыры больш, і кожны на пару гадоў старэйшы. «Ці нам не разьмяцца, спартсмены, а то неяк халодна?» — спытаў на выйсьці адзін зь іх, нібыта ў нас былі варыянты адказу. Далей помню цьмяна, нехта з разьбегу ўляцеў нагамі ў сьпіну, і я кудысьці ляцеў, потым зноў ляцеў, падаў, уставаў, ляцеў, падаў, уставаў… А потым хэпі-энд у ложку, гераічныя аповеды сяброў, зь якіх ніхто не пацярпеў, а на краі ложка сядзіць тая, што тры тыдні са мной не размаўляла, а тут прыйшла праведаць, бо таксама была ў кіно і ўсё бачыла. «Калі я пачула тую песьню, я зразумела, што ўсё скончыцца добра». І тут я разрагатаўся, бо магія нарэшце падзейнічала.

Як кажуць у кіно, прайшлі гады́. Рухнуў мур, а разам зь ім і Савецкі Саюз. Але ў нашай краіне не да канца. Застаўся помнік Леніну — той самы, які на Плошчы Незалежнасьці — той самай, якая над станцыяй мэтро Плошча Леніна. Помнік, на які мне давялося караскацца 19 сьнежня 2010. Сытуацыя патрабавала верша, а лепей — песьні. Такой, каб была энэргетыка, але не было фальшывага патасу. Нешта, праверанае часам, але й актуальнае тут і цяпер. Каб на тры хвіліны забыць пра мандраж. Каб зрабілася цёпла й амаль ня страшна. І пажадана, ня толькі мне. Карацей, сытуацыя патрабавала «Муроў». Зь іх каталанскай магіяй Луіса Льяка, якую захаваў і перадаў далей, ужо сваім слухачам, Яцак Качмарскі. І як перадаў! Калі ня ведаць, не дасі веры, што гэта было напісана да яго кімсьці іншым. Такая сабе эстафэта з эпохі ў эпоху, з часоў змаганьня з дыктатурай Франка ў часы польскай Салідарнасьці. Цуд, што свабодна перахозіць з адной мовы ў другую. Да якога, калі пашанцуе, мог далучыцца і я, грэшны.

Тры куплеты й прыпеў:

Ён быў натхнёны і малады,

Іх незьлічона было.

Ён на плошчы вёў гарады

Зь песьняй, што блізка сьвятло.

І запальвалі сьвечкі яму,

Плыў па-над плошчаю дым.

Ён сьпяваў: зруйнуем турму!

Яны сьпявалі за ім:

 

Разбуры турмы муры!

Прагнеш свабоды то бяры!

Мур хутка рухне, рухне, рухне

І пахавае сьвет стары!

 

Ведалі словы на памяць і сьпеў

Несьлі па вуліцах так,

Што кроў кіпела і гнеў кіпеў,

І сэрцы стукалі ў такт.

Білі ў сто тысяч далоняў і рытм

Ворагаў біў напавал.

Ішлі на муры ва ўсім сьвеце старым…

А ён усё граў і сьпяваў.

 

Разбуры турмы муры!

Прагнеш свабоды то бяры!

Мур хутка рухне, рухне, рухне

І пахавае сьвет стары!

 

Так паўстаў шматтысячны рух,

Воінаў цэлая раць,

Можна помнікі зносіць і брук

На камяні разьбіраць.

Кожны адчуў прыйшоў яго час

Сілы аддаць барацьбе:

Хто ня з намі той супраць нас!..

Сьпявак быў сам па сабе.

 

Глядзеў, як шчыльныя рады

Зь ягонай песьняю ідуць,

А песьня глухне, глухне, глухне…

А муры растуць, растуць…

 

Разбуры турмы муры!

Прагнеш свабоды то бяры!

Мур хутка рухне, рухне, рухне

І пахавае сьвет стары!

Прыпеў можна было сьпяваць разам зь людзьмі, нават выкрыкваць у кепскіх акустычных умовах без гітары. (І шмат хто ўрэшце далучыўся й выкрыкваў.) Два першыя куплеты таксама пасавалі, а вось трэці выклікаў сумневы — сьпяваць ці не? Бо ён глыбейшы, мудрэйшы, трагічнейшы, не такі лінейны для крычаньня на мітынгу. Зрэшты, паменей пыхлівасьці, спадар перакладчык, хто сказаў, што табе дадуць дакрычаць да канца? Так і выйшла. Пасьля другога прыпеву зьявіліся лётчыкі, ці хутчэй касманаўты, у шлемах, што надзейна абаранялі вушы ад каталанскай, польскай і ўсякай іншай магіі. Касманаўты, якім таксама загадалі «разьмяцца» й сагрэцца бойкай. Дубінкі загрымелі аб шчыты. Людзей масава арыштоўвалі. Большасьць (у тым ліку й перакладчык Качмарскага, зьехаўшы на задніцы зь ленінскага пастамэнту) уцякла. Ад помніка Леніну — цераз Плошчу Незалежнасьці — у мэтро Плошча Леніна.

Па дарозе дамоў я ўвесь час сустракаў знаёмых, якіх ня бачыў шмат гадоў. Яны былі прыгнечаныя, бо таксама «бачылі кіно». Адна спрабавала мне дзякаваць: «На тыя тры хвіліны мне падалося, што ўсё скончыцца добра». Яшчэ больш знаёмых у той вечар званілі й пыталі: «Як ты?» Я быў уражаны, як шмат можна знайсьці добрых словаў, — у сытуацыі, якая аж ніяк не схіляе да аптымізму. А мой сябра-паэт нават пажартаваў: «Касманаўты проста ня вытрымалі таго, як кепска ты сьпяваў тыя два куплеты, — і пачалі разгон, каб толькі ня чуць трэцяга». Я засьмяяўся. Мабыць, магія ўсё-ткі дзейнічала.

 

2.

Упершыню ў жыцьці я пачуў Качмарскага ў Варшаве ў 1996 годзе. Не ўжывую, а зь вялікай магнітнай бабіны ў беларускай студыі польскага радыё, куды мяне зь сябрам запрасіў наш знаёмы журналіст Алесь. «Паслухайце, — казаў ён, — гэта геніяльна! Качмарскі пачынаў з вучобы ў Высоцкага, але потым пайшоў далей». Я толькі скептычна ўсьміхаўся, ня надта ўяўляючы, як пасьля Высоцкага можна «пайсьці далей».  А потым Алесь пусьціў сваю бабіну — і мой скептыцызм стаў зьнікаць. Я не разумеў большай паловы, бо мая польская была тады блізкай да нуля, але мяне проста накрыла энэргетыкай песьні. Так зрэдку здараецца, калі слухаеш добрага замежнага паэта, які чытае раней за свайго перакладчыка, і ты не разумееш, але проста бачыш, як у паветры гусьцеюць, кандэнсуюцца нейкія радкі на чужой табе мове, якія потым, падчас перакладу, выяўляюцца найлепшымі ў вершы вобразамі. А яшчэ ты можаш сачыць за рэакцыяй суседзяў, якія ўсё разумеюць. Я слухаў бабіну і глядзеў на Алеся, і яго захапленьне перадавалася мне. Дарэчы, Алесь слухаў «Наш клас», і слухаў так, быццам гэтая песьня была пра яго і ягоных (абсалютна невядомых мне) аднакласьнікаў.

Потым я ня раз назіраў гэты эфект «Нашага класу»: і даючы беларускім знаёмым паслухаць арыгінал, і паказваючы ім свой пераклад, і нават сьпяваючы беларускую вэрсію палякам, якія нечакана аказваліся ня самымі строгімі, а самымі лагоднымі судзьдзямі. Дыяпазон рэакцыі быў самы шырокі — ад расчуленых сьлёз да раздражнёнага пошуку хібаў. Але «фальш» ці «слушнасьць» маёй вэрсіі яны аргумэнтавалі ня столькі філалагічнай адпаведнасьцю арыгіналу, колькі сваім уласным досьведам, сваёй вэрсіяй песьні.

Можа, іначай і не выпадае? Прынамсі, у маім перакладаньні Качмарскага гэтая заканамернасьць спрацоўвае. Калі мне трэба перакласьці нейкі надзвычай важны і ня самы лёгкі фрагмэнт, ён мусіць зрабіцца ў значнай ступені й маім асабістым. Таму ня трэба дзівіцца, калі ўважлівы слухач пачуе тут і беларускія алюзіі, цытаты, рэаліі. Зразумела, там, дзе й польскі тэкст да чагосьці адсылае.

А ён відавочна адсылае. Пушкінская формула «паэзія павінна быць дурнаватая» абсалютна не пра Качмарскага, які, пра што б ні пісаў, заўжды застаецца паэтам-інтэлектуалам. Пэўным ключом да яго паэтыкі мне здаецца славутая «Зброя», дзе можна знайсьці ня толькі этычную, але й эстэтычную праграму. Латы, што завялікія іх уладальніку — і ўрэсьце прымушаюць яго расьці. Як на мяне, гэта добра апісвае стасункі паэта й культурнай традыцыі, дзе ёсьць месца й перакладам з Высоцкага й Жака Брэля, і тэкстам, натхнёным фільмамі Таркоўскага й жывапісам («Анкор, яшчэ анкор» паводле Фядотава), сусьветнай гісторыяй, класічнай міфалогіяй і біблійнымі матывамі. Аўтар прымярае на сябе, як латы, лёс таго ці іншага творцы, ад Бруна Ясенскага да Боба Дылана. Як казаў класік, бярэ сваю магію там, дзе яе знаходзіць.

Вядома ж, трапляюцца й тыя, на каго гэта магія можа зусім не падзейнічаць, і тады нават «Наш клас» успрымецца імі першай сваёй паловай як доўгі пералік пэрсанажаў — такі доўгі, што другую палову й слухаць не захочацца. Я ў такіх выпадках суцяшаю сябе тым, што, апроч касманаўтаў, існуюць яшчэ й мілыя іншапланетнікі, чый сьвет нічым ня горшы ад твайго, проста прынцыпова іншы. Яшчэ Гофман дзяліў чалавецтва на музыкаў — і проста добрых людзей.

Дарэчы, пра музыкаў. З усіх, хто запісваў гэты альбом, адзіны сумнеўны ўдзельнік — я. Высокі прафэсіяналізм усіх астатніх — па-за сумневамі. Працаваць з такімі людзьмі, як гукарэжысёр Андрэй Багданаў і музыкі Вольга Падгайская й Віталь Эпаў, — шчасьлівы падарунак, якога я не заслужыў ні як літаратар-перакладчык, ні тым больш — як вакаліст. Але яны дазволілі мне зацягнуць іх на польскую літаратурную тэрыторыю, дзе класна зрабілі сваю працу. Мабыць, не абышлося бяз магіі Качмарскага.

 

Текст опубликован в книжке-приложении к диску с песнями Яцека Качмарского «Муры»: Вроцлав, Kolegium Europy Wschodniej, 2014.

При копировании материалов необходимо указать следующее:
Источник: Хаданович А. Магія ў дзеяньні. Песьня «Муры» як эстафэта свабоды // Польская литература онлайн. 2022. № 10

Примечания

    Смотри также:

    Loading...