10.03.2022

Польская литература онлайн №10 / «Я ніколі не адна, я заўсёды сярод сяброў»: пра кнігу Натальлі Гарбанеўскай «Мая Польшча»

24 лютага, калі Расія разьвязала ганебную вайну супраць Украіны, а таталітарны рэжым Лукашэнкі фактычна падтрымаў гэтую агрэсію, у беларускіх незалежных СМІ і проста ў сеціве адначасова, даслоўна на працягу пары гадзінаў, зьявіліся ажно тры розныя пераклады аднаго і таго ж верша, што сьведчыць: яго аўтарка і сёньня ёсьць для нас бясспрэчным маральным аўтарытэтам. Трое нашых перакладчыкаў выбралі гэты верш Натальлі Гарбанеўскай:

Гэта я ні Варшаву, ні Прагу тады ўратаваць не змагла,

вінаватая — я, і віны я ня выкуплю сёньня,

хай закрыюць мой дом як праклятае сховішча зла,

дом граху, дом маны, дом загубы і дом беззаконьня.

 

Хай навечна мяне да яго прыкуюць ланцугом,

хай уцехаю зробіцца мне гэты жудасны дом,

кут, закураны цемрай, дзе адвеку і п’яна, і ўбога,

дзе жыве мой народ безь віны, безь сьвятла і бяз Бога.

                                             

                                                             Пераклад Кацярыны Маціеўскай

Знакаміты арыгінал, напісаны ў 1973 годзе, можна прачытаць на вокладцы кнігі Натальлі Гарбанеўскай «Мая Польшча», якая выйшла зусім нядаўна і пра якую хочацца паразмаўляць у сёньняшні няпросты час:

Это я не спасла ни Варшаву тогда и ни Прагу потом,

это я, это я, и вине моей нет искупленья,

будет наглухо заперт и проклят да будет мой дом,

дом зла, дом греха, дом обмана и дом преступленья.

 

И, прикована вечной незримою цепью к нему,

я усладу найду и отраду найду в этом страшном дому,

в закопченном углу, где темно, и пьяно, и убого,

где живет мой народ без вины и без Господа Бога.

Натальля Яўгенаўна (сама яна больш любіла, калі да яе зьвярталіся «Наташа») Гарбанеўская (1936—2013) — знаная дысыдэнтка, праваабаронца і найперш літаратарка. (Не без уплыву польскай мовы і культуры, яна і па‑руску называла сябе «поэтка»). Адна з васьмі легендарных удзельнікаў пратэсту, які адбыўся 25 жніўня 1968 году на Краснай плошчы, калі СССР увёў войскі ў Прагу. Натальля Гарбанеўская выйшла туды з маленькім сынам у вазочку і двума плакатамі, на адным зь якіх быў напісаны лозунг, вельмі актуальны ў нас і цяпер: «За вашу інашу свабоду!»

Ня трапіўшы спачатку ў турму разам зь іншымі ўдзельнікамі пратэсту (бо карміла грудное дзіця), потым апынулася на прымусовым лекаваньні ў спэцыяльнай псыхіятрычнай бальніцы ў Казані. У канцы 1975 году эмігравала і шмат гадоў жыла ў Парыжы. Працавала ў рэдакцыі часопіса «Кантынэнт» і ў газэце «Русская мысль». Актыўна дачынялася зь Ежы Гедройцем і яго часопісам «Культура». З 1999 г. працавала ў рэдакцыі рускамоўнага варшаўскага часопіса «Новая Польша», для якой шмат пісала як аўтарка і шмат перакладала з польскай мовы.

Вынікі гэтай шматгадовай працы паэткі, перакладчыцы, дасьледчыцы і публіцысткі ў значнай ступені і сабраныя ў кнізе «Мая Польшча» (2021). Кніга выйшла адначасова на дзьвюх мовах — па-польску і па-руску. Руская вэрсія атрымалася большай (за кошт матэрыялаў, дзе для рускага чытача тлумачацца відавочныя паляку рэчы) і мае далёка не кішэнны фармат. У ёй больш за 750 старонак. Рэдактарка-ўкладальніца Эвангеліна Скалінска, а рускамоўную вэрсію рэдагаваў паэт і перакладчык Ігар Бялоў.

Кампазіцыйна том складаецца з чатырох частак. Першая зь іх — два інтэрвію, што ўтвараюць свайго роду аўтабіяграфію аўтаркі. Гісторыя жыцьця. Дзяцінства і сталеньне. Паэзія, сяброўства, іншадумства і дысыдэнцтва. Самвыдат і праваабарончая дзейнасьць. Друкаваньне знакамітай падпольнай «Хронікі бягучых падзеяў». 25 жніўня. Псыхлякарня. Выезд у Вену і гады жыцьця ў Парыжы. Супрацоўніцтва зь дзеячамі рускай і польскай эміграцыі. «Кантынэнт», «Культура», а потым «Новая Польшча». Зьвяртае ўвагу стыль першага, вялікага інтэрвію. Суразмоўніцы Гарбанеўскай — літаратарцы Лінор Гаралік — удалося захаваць жывую размоўную плынь, непасрэднасьць і амаль спантаннасьць аповеду. Для тых, хто ведаў гераіню ў жыцьці, Натальля Гарбанеўская атрымалася вельмі падобная і пазнавальная.  

Цэнтральныя ў кнізе яе другая і трэцяя часткі, што ахопліваюць працу аўтаркі спачатку ў «Кантынэнце», а потым, адпаведна, у «Новай Польшчы». Гэта і прысьвечаныя Польшчы ўласныя вершы, часам з аўтакамэнтарамі да іх. Ад некаторых займае подых. Абмяжуюся адным, але вельмі важным прыкладам:

Как андерсовской армии солдат,
как андерсеновский солдатик,
я не при деле. Я стихослагатель,
печально не умеющий солгать.

О, в битву я не ради орденов,
не ординарцем и не командиром —
разведчиком в болоте комарином,
что на трясучей тропке одинок.

О — рядовым! (Атака догорает.
Раскинувши ладони по траве — — —
а на щеке спокойный муравей
последнюю кровинку догоняет.)

Но преданы мы. Бой идет без нас.
Погоны Андерса, как пряжки танцовщицы,
как туфельки и прочие вещицы,
и этим заменён боезапас.

Песок пустыни пляшет на зубах,
и плачет в типографии наборщик,
и долго веселится барахольщик
и белых смертных поставщик рубах.

О родина!..
Но вороны следят,
чтоб мне не вырваться на поле боя,
чтоб мне остаться травкой полевою
под уходящими подошвами солдат.


                                                       1962

(Пачуць, як сама паэтка чытае гэты верш, можна на старонцы lyrikline).

Гэта і пераклады польскай паэзіі, часам таксама з заўвагамі перакладчыцы. І бліскучая эсэістыка і публіцыстыка, раз-пораз інтэрвію, дзе аўтарка то ў ролі інтэрвіюэркі, то сама адказвае на пытаньні. Тэксты пра герояў сучаснай Гарбанеўскай польскай гісторыі і культуры: ад папы рымскага празь Леха Валенсу і іншых дзеячаў «Салідарнасьці» да найлепшых пісьменьнікаў і пісьменьніц, уключна з двума польскімі набэлістамі Чэславам Мілашам і Віславай Шымборскай, якіх пісьменьніца ведала і бліскуча перакладала. Тэксты рознага жанру і аб’ёму, наколькі дазваляў кантэкст і фармат выданьня. Часам разгорнуты выступ на канфэрэнцыі зь цікавымі дэталямі пра герояў спавешчаньня. Часам вельмі лаканічны тэкст, што патрабаваў прагаворваньня толькі найважнейшага. Тэксты адшліфавана-пісьмовыя і спантанна-вусныя. А ўсё разам складаецца ў дзесяцігодзьдзі дыялогу польскай і рускай незалежных культураў, плённага і карыснага для абодвух бакоў. 

Сярод герояў гэтай кнігі Густаў Герлінг-Грудзінскі, Лешак Калакоўскі, Юзаф Мацкевіч, Юзаф Чапскі, Віктар Варашыльскі, Яцак Курань, Яцак Качмарскі, Анджай Вайда, Яраслаў Марак Рымкевіч, перакладчык Ахматавай, Мандэльштама (і самой Гарбанеўскай!) Адам Паморскі, рэдактар «Газэты выборчай» Адам Міхнік, рускі набэліст Іосіф Бродзкі, выбітны літоўскі паэт Томас Венцлава і шмат, шмат хто яшчэ… 

Адна з галоўных постацяў гэтага тома, вельмі часта згадваная аўтаркай, — знакаміты рэдактар парыскай «Культуры» і выдавецтва «Літаратурны Інстытут», ураджэнец Менску Ежы Гедройць. Пісьменьніца колькі разоў піша пра Гедройця, бярэ ў яго інтэрвію, а таксама апавядае пра яго ў інтэрвію, якое дае сама, і некаторыя словы зноў набываюць сёньня асаблівую важнасьць: «Асноўная лінія "Культуры" вызначалася — скажам так умоўна — дактрынай Гедройця-Мерашэўскага: у будучыні, калі Польшча будзе свабоднай і Расія будзе свабоднай, трэба каб Украіна, Літва і Беларусь былі свабодныя. Калі яны будуць свабодныя і незалежныя, Польшча з Расіяй страцяць галоўную прычыну свайго канфлікту» (с. 89-90).

Пэўныя тэзы з інтэрвію Гедройця, якое ён даў Гарбанеўскай яшчэ да развалу СССР, могуць уразіць цьвярозасьцю бачаньня. Уразіць, напрыклад, беларускіх чытачоў: «Зрабіўшы велізарны ўнёсак у нармалізацыю польска-рускіх дачыненьняў, "Культура" адначасова нагадвала, што паміж Польшчай і Расіяй месьцяцца яшчэ Украіна, Беларусь, Літва… Калі казаць пра імкненьне да незалежнасьці такіх краінаў, як Украіна і Літва, то мы яго ў найвышэйшай ступені падтрымліваем. Але ня трэба забываць і пра шэраг магчымых праблемаў. Так, калі мы кажам пра Беларусь, то трэба аддаваць сабе справу, што русіфікацыя тут зайшла занадта далёка, і я сёньня ня ведаю, ці не занадта позна казаць пра незалежнасьць Беларусі» (с. 136). Многія адказы на сёньняшнія балючыя пытаньні ­­— ужо ў Гедройця. 

Апошняя, чацьвертая частка кнігі — фрагмэнты з жывога дзёньніка Натальлі Гарбанеўскай, які пісьменьніца вяла ў 2008—2013 гадах. Некалькі выдатных уласных вершаў — і шмат бліскучых перакладаў польскай паэзіі. Найболей — з Чэслава Мілаша, чый стогадовы юбілей прыпаў на 2011 год і ў пісьменьніцы было шмат перакладчыцкай працы. Але ёсьць і яскравыя перастварэньні геніяльных вершаў Канстанты Ільдэфанса Галчыньскага, Віславы Шымборскай, песьні Яцка Качмарскага «Эпітафія Бруна Ясеньскаму»…

Адна зь перавагаў у допісах Натальлі Гарбанеўскай — немагчымасьць правесьці выразную мяжу між яе іпастасямі пісьменьніцы, філолага — і праваабаронцы. Так, у адной са сваіх нататак аўтарка аналізуе кнігу нашага філолага Аляксандра Фядуты «Палякі ў Пецярбургу ў першай палове ХІХ стагодзьдзя». Пісьменьніца рэцэнзуе кнігу з гледзішча гісторыі і філалогіі, але сама рэцэнзія на кнігу — перадусім спосаб зьвярнуць грамадзкую ўвагу на лёс яе аўтара, ня толькі філолага і пісьменьніка, але й палітычнага аналітыка, удзельніка кампаніі «Гавары праўду», які пацярпеў ад лукашэнкаўскага рэжыму падчас фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 году.

«Гэтую кнігу, што была адпраўленая поштай зь Менску, я атрымала ў Парыжы 22 сьнежня мінулага году… У гэты час Фядута ўжо два дні сядзеў у сьледчай турме беларускага КДБ. Калі я гэта пішу, ідзе другі месяц яго зьняволеньня.

Яго арыштавалі дома, зранку 20 сьнежня. Кіруючы перадвыбарным штабам аднаго з кандыдатаў у прэзыдэнты Уладзіміра Някляева, ён нават ня быў на плошчы: сядзеў у штабе, зьбіраў зьвесткі з выбарчых участкаў. Як і іншыя арыштаваныя — іх колькасьць за гэтыя паўтара месяца вырасла зь першапачатковых 19-ці да паўсотні, хаця кагосьці выпусьцілі пад падпіску пра нявыезд ці пад хатні арышт, — ён абвінавачваецца ў «арганізацыі масавых беспарадкаў».

Вось так атрымалася, што філалагічная супольнасьць розных краінаў, абураная беззаконным арыштам калегі, стала ініцыятарам лістоў у яго падтрымку, патрабуючы вызваліць Аляксандра Фядуту і ўсіх астатніх беларускіх палітзьняволеных…» (с. 692-693)

(Дарэчы, усё ў беларускай гісторыі паўтараецца, і ўвесну 2021 Аляксандр Фядута зноў быў арыштаваны, а прадстаўнікі польскай навуковай супольнасьці зноў зьбіралі подпісы ў яго абарону.)

Але вернемся да кнігі «Мая Польшча». Завяршае яе апошні разьдзелтэкст-разбор конкурсу перакладаў Тадэвуша Ружэвіча, арганізаванага ўроцлаўскай фундацыяй «За вашу і нашу свабоду». Натальля Гарбанеўская была старшынёю міжнароднага журы, чытала ўсе шматлікія працы ўдзельнікаў — і ўважліва разабрала іх удачы і хібы. Яе парады і сёньня могуць быць карысныя кожнаму, хто перакладае польскую паэзію і паэзію наагул.  

Допіс з разборамі перакладаў пазначаны 16-м лістапада, а 29-га Натальлі Гарбанеўскай ня стала…

Дазволю сабе на хвіліну адхіліцца ад непасрэднага рэцэнзаваньня, але ў гэтым будзе свая логіка. Бо шматлікія допісы з чацьвертай часткі кнігі, зьвязаныя зь «мілашаўскім» 2011-м годам, нагадваюць мне пра верасьнёўскі прыезд Натальлі Гарбанеўскай на паэтычны фэстываль у Менск. Фэстываль быў прысьвечаны юбілею польскага набэліста і называўся Вялікае Княства Паэзіі. Апроч беларусаў, прадказальна ўдзельнічалі аўтары і аўтаркі з Польшчы, Літвы і Ўкраіны. І руская паэтка з Парыжу Натальля Гарбанеўская — з 2005 году грамадзянка Польшчы.

Усё адбывалася на вялікай сцэне Музычнай акадэміі. Тагачасны міністр культуры Павал Латушка шмат зрабіў, каб фэстываль не забаранілі і замежным паэтам дазволілі прыехаць. Каб на сцэну разам зь імі пусьцілі беларускіх аўтараў з «чорнага сьпісу». У пэўны момант жывы класік польскай паэзіі Рышард Крыніцкі, вытрымаўшы сваю фірмовую эфэктную паўзу, стаў чытаць знакаміты мілашаўскі верш «Który skrzywdziłeś... » зь яго антыдыктатарскім патасам. Прысутныя ў першым шэрагу афіцыйныя беларускія чыноўнікі сталі ўціскаць галовы ў плечы. Я прачытаў свой беларускі пераклад — і гэтыя галовы апусьціліся яшчэ ніжэй. І тут на сцэну даслоўна ўзьляцела Натальля Гарбанеўская, перахапіла ў вядоўцы мікрафон, выгукнула, што мае свой пераклад гэтага верша, — і прачытала:

Ты человека простого измучил
Да над его же мученьем хохочешь
И со своими шутами хлопочешь
Зло и добро обессмыслить получше.

Хоть бы и все пред тобой на колени,
Рады, что шкура цела, упадали,
Оды чеканя тебе и медали, —
Ты не надейся на успокоенье.

Все позабудут — запомнит поэт.
Можешь убить его — явится новый.
Будет записано дело и слово.

Лучше уж выбери крепкий еловый
Сук, и веревку, и зимний рассвет.

На хвілю мне падалося, што першы шэраг апусьцеў, бо чыноўнікі проста праваліліся скрозь падлогу. Больш у Менску паэтаў у афіцыйныя ўстановы не запрашалі. Але і Мілаша ў трох моўных вэрсіях з пуэнтай ад Натальлі Гарбанеўскай ніхто з прысутных тады ў перапоўненай залі, я думаю, ніколі не забудзе…

Напрыканцы свайго інтэрвію ў першай частцы кнігі «Мая Польшча» пісьменьніца кажа: «Гэта вось вельмі важна: я ніколі не адна, я заўсёды сярод сяброў. Вядома, што я заўсёды ўсіх з усімі знаёміла. Спачатку масквічоў з масквічамі, потым масквічоў зь ленінградцамі, потым я знаёміла нават ленінградцаў зь ленінградцамі, прыяжджала і знаёміла, і гэтак далей. Вось гэта была адна з маіх, так бы мовіць, функцыяў. Нават ня функцыя, а проста я так уладкаваная. Мне хочацца ўсіх з усімі пазнаёміць, каб усе з усімі сябравалі» (с.85-86). Тое самае Натальля Гарбанеўская магла б з поўным правам сказаць і пра сваю шматгадовую ролю паэткі, перакладчыцы і дасьледчыцы польскай літаратуры. 

Сярод апошніх уключаных у кнігу допісаў з жывога дзёньніка паэткі ёсьць адзін, што называецца «Избавь меня от ненависти и спаси меня от презрения, Господи». Нататка прысьвечаная знакамітай песьні, якую Яцак Качмарскі разам з Пшамыславам Гінтроўскім і Зьбігневам Лапіньскім сьпяваў на словы паэта Натана Тэнэнбаўма (дарэчы, народжанага ў Віцебску). Наташа не хавае, што цытуе тэкст у сваім даслоўным, празаічным перакладзе, і дадае: «разьлічваю на перакладчыкаў у стужцы». На правах беларускага перакладчыка з Наташынай стужкі, заканчваю гэтую рэцэнзію сваёй вэрсіяй верша і песьні:

Малітва на сьвітаньні

 

Хай гарыць сьвятло Твайго імені

На якое празь цемру нам ісьці

Але, Госпадзе, адхіні мяне

Ад пагарды і ад нянавісьці


Ці хоць волас таго, хто варты

Без дазволу, Божа, Твайго спадзе?

Будзь аховаю ад пагарды

Ацалі ад нянавісьці, Госпадзе

 

Як жадаеш — хай так і стане

Твая воля ўсё пераможа

Ды ўратуй ад пагарды, мой Пане

Ад нянавісьці збаў, мой Божа…

При копировании материалов необходимо указать следующее:
Источник: Хаданович А. «Я ніколі не адна, я заўсёды сярод сяброў»: пра кнігу Натальлі Гарбанеўскай «Мая Польшча» // Польская литература онлайн. 2022. № 10

Примечания

    Смотри также:

    Loading...